Субота, Лістапад 18, 2017

Свята Christmas

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Найважнейшае ва ўсім гэтым – памятаць пра сутнасць гэтых святаў, каб ведаць, чаму купляем прэзенты, чаму вігілійная вячэра з'яўляецца багацейшай і больш урачыстай за звычайную сямейную вячэру. Што ўсё гэта мае і павінна мець дачыненне да Таго, хто нарадзіўся дзве тысячы год таму ў Бэтлееме. Божае Нараджэнне – не імяніны, не імпрэза, банкет або іншае якое сяброўскае спатканне. Гэта важная традыцыя звароту да Бога не толькі ў час трывогі, але і ў час радасці. Ангельска-амерыканская, універсальная і ўсё больш распаўсюджаная назва Божага Нараджэння – Christmas – паспрыяла, што мільярды людзей ва ўсім свеце, нават тыя, што не з'яўляюцца хрысціянамі, прымаюць наша свята і нашу традыцыю. Ніколі ад часоў апостальскіх імя Хрыста не было ў свеце так вядомае, як цяпер, у ХХI стагоддзі. Але наколькі Christmas з'яўляецца павярхоўнай пагоняй за прэзентамі, а наколькі глыбокім рэлігійным досведам – ужо зусім іншая гісторыя, якая залежыць ад нас саміх.

Дзякуючы глабальнаму значэнню ангельскай мовы слова "Christmas" і свята Christmas ужываюцца ўсюды. Нават у такіх краінах, як Японія, Карэя, Індыя, дзе мала хрысціянаў. Вялікую ролю ў тым глабальным распаўсюджанні імя Хрыста па-за абшарамі хрысціянскай цывілізацыі адыграў папа Ян Павел II – пілігрым сутыку другога і трэцяга тысячагоддзяў. Гэта Святы Айцец прычыніўся да таго, што ў маштабах амаль усяго свету ціхая ноч стала ноччу радаснага калядавання. Пастэрка, што традыцыйна адпраўляецца Папам у Рыме апоўначы 24 снежня, транслявалася з Ватыкана на ўвесь свет праз тэлебачанне і радыё.

Глабальны, паўсюдны і ўніверсальны характар маюць сёння таксама калядкі – песні, якія ўзносяць хвалу Хрысту і Марыі ва ўсім свеце, а не толькі ў краінах хрысціянскіх. Калядкі ствараліся ад самага пачатку хрысціянства і з'яўляліся ў прадаўнія часы элементам евангелізацыі.

Гэта дзіўна, што па-ранейшаму трымаецца звычай даслання традыцыйных пажаданняў на Божае Нараджэнне. Апроч SМS-ак, тэлефонаў, факсаў і інтэрнэту жадаем дасылаць каляровыя паштоўкі са Святой Сям'ёй, Трыма Каралямі, бэтлеемскай стаенкай ці хаця б з выявамі елкі, лесу і заснежанага зімовага краявіду.

Да святочных пажаданняў далучаем звычайна пажаданні навагоднія. І адны, і другія пажаданні маюць характар рэлігійны. Бо наш каляндар з'яўляецца найбольш універсальным і распаўсюджаным сімвалам народзінаў Езуса Хрыста ў Святой Зямлі, у Бэтлееме. Гэта тады пачалася новая эра, гэта ад той даты ўсё лічым – дні, месяцы, гады, дэкады, вякі, тысячагоддзі, цэлыя эпохі. Усё пачалося ад Божага Нараджэння каля 2000 год таму. Гэта не толькі наша рэлігія, гэта – наша цывілізацыя! Яе ўніверсальнасць асабліва відавочная ў перыяд Божага Нараджэння і Новага года. Гэта менавіта таму зараз з'яўляемся сведкамі чарговай на працягу дзвюх тысяч гадоў масавай атакі на хрысціянства, на хрысціянаў, на сімвал Святога Крыжа, на Касцёл, на ўсё, што называем нашай цывілізацыяй.

У паўсядзённасці мала хто пра гэта памятае, але ж увесь наш каляндар мае характар хрысціянскі, бо лічым ад той найважнейшай даты, ад Божага Нараджэння. Менавіта гэтым хрысціянскім календаром карыстаюцца штодзень мільярды людзей ва ўсім свеце, нават тыя, што не з'яўляюцца хрысціянамі. Так і я складаю спадарству найсардэчнейшыя святочныя і навагоднія пажаданні: здароўя, поспехаў і шчасця ў асабістым жыцці, як і ва ўсім тым, што з'яўляецца найважнейшым для кожнага хрысціяніна.

Віталь Кульпекша
дырэктар Карытас Віцебскай дыяцэзіі
Сістэма Orphus