Субота, Лістапад 18, 2017

Тры Каралі

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Свята Трох Каралёў (6 студзеня) у каталіцкім календары адзначана чырвоным колерам і з'яўляецца вольным ад працы днём. Урачыстасць Аб'яўлення Пана – найстарэйшае хрысціянскае свята. Сляды святкавання гэтай урачыстасці сустракаем ужо ў ІІІ стагоддзі пад назовам Эпіфаніі. Гэтае свята спачатку спалучала ў сабе Нараджэнне Пана, успамін паклону Мудрацоў, хрост Езуса ў Ярдане і ўспамін цуду ў Кане Галілейскай. З часам у лацінскай літургіі галоўнай тэмай свята стала аб'яўленне Збавіцеля Мудрацам з Усходу. Мудрацы, каралі, аддаючы пашану народжанаму Дзіцятку, пазнаюць у Ім Бога, які аб'явіўся ў чалавечай постаці. У Евангеллі ад св. Мацвея знойдзем біблейскую крыніцу гэтай урачыстасці:

"А калі Езус нарадзіўся ў Віфлееме, у Юдэі, у дні караля Ірада, Мудрацы прыбылі з Усходу ў Ерусалім. Калі ўвайшлі ў памяшканне, убачылі дзіця з Марыяй, Яго маці. Тады, упаўшы, аддалі Яму паклон, а па адчыненні сваіх шкатулак склалі Яму дары: золата, кадзіла і міру".

Святое Пісьмо не вылічвае, колькі Мудрацоў прыбыло ў Віфлеем, але ідзе размова пра тры дары. Такім чынам распаўсюдзілася перакананне, што іх было трое. Аднак, з падачай гэтай лічбы бывала па-рознаму. У ранейшых маляванках можам убачыць дзве, чатыры ці шэсць постацяў, але пераказ пра Трох Мудрацоў у традыцыі Касцёла пераважае. Гэтаксама падае сучасны хрысціянскі філосаф і тэолаг Орыгенез. Мудрацы не былі названыя св. Мацвеем. Іх імёны: Каспер, Мельхіёр і Балтазар з'явіліся ўпершыню, мабыць, на мазаіцы VI стагоддзя ў базіліцы San Apollinare Nuovo ў Равэне.

Паклон Трох Каралёў у рэлігійным жывапісе ўжо з'яўляецца канонам. Аднак антрапамарфічнае ўвасабленне Бога і святых не было прызнанае першымі хрысціянамі. Калі хрысціянства пачало распаўсюджвацца па-за абшарамі Палесціны, пачыналася яго канфрантацыя з іншымі культурамі і перайманне ўплываў у мастацтве. Значэнне фігуральнай формы ў грэка-рымскай цывілізацыі было такое велізарнае, што паўплывала і на хрысціянаў. Перанос сталіцы Рымскага Царства ў 330 г. ў Візантыю, перайменаваную ў Канстанцінопаль, званы таксама Новым Рымам, мела вырашальнае значэнне ў фарміраванні хрысціянскай культуры. Аб'яўленне Новага Рыму абяцала непазбежны падзел царства (395 г.), а гэта прывяло да ўзнікнення адметных і адрозных хрысціянскіх культур Усходу і Захаду.

Пад уплывам часу сцэнарый паклону робіцца больш велічным. Расшыраныя кампазіцыі адлюстроўваюць не толькі Мудрацоў, якія аддаюць паклон, але таксама іх шматлікі двор, багацце вопраткі, экзатычных звяроў у свіце.

Дзіцятка адоранае. Каралі з пашанаю складаюць кадзіла – гэта дар для Бога, міру – увасабленне чалавечай натуры Збавіцеля і золата – як дар для караля. З урачыстасцю Аб'яўлення Пана звязваецца звычай пасвячэння золата, кадзіла і крэйды. Крэйдай пазначаем дзверы, пішучы літары К+М+Б і цяперашні год у знак таго, што мы прынялі Езуса ў нашым жытле. Сёння, калі ў публічнай прасторы адбываецца барацьба за крыж, такое сведчанне набывае асаблівае значэнне. З'яўляецца знакам, што не саромеемся нашай веры.

Дамінік Ружаньскі
Сістэма Orphus