Субота, Лістапад 18, 2017

Што мы ўчынілі са сваім хростам?

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Пілігрымы, якія вандравалі па Святой Зямлі, узгадваюць, напэўна, вельмі прыгожы момант, калі праваднікі прыводзілі групу да водаў Ярдану і там, пахіленыя над святою вадой, яны з радасцю прымалі яе ўсе на свае ілбы. Гэта быў прыпамін хросту Пана Езуса. Езус сам прыйшоў да Яна, каб прыняць хрост. Памятаем са Святога Пісьма, што Ян працівіўся ўдзяленню Хрысту гэтага сакрамэнту, але Езус сказаў: "Саступі цяпер, бо так трэба нам выканаць усё, што справядліва" (Мц 3, 15). Тады Ян паддаўся словам Езуса і ўдзяліў Яму хрост. А Айцец Нябесны выказаў над Езусам знамянальныя словы: "Гэта мой Сын умілаваны, якога ўпадабаў" (Мц 3, 17).

Сын Божы, які ўвайшоў у воды Ярдану, асвяціў іх назаўсёды, а адначасова паказаў людзям шлях да Бога, вызначаны сакрамэнтам святога хросту.

Нядзеля Хросту Пана прыводзіць нас таксама да хвіліны, калі самі прымалі гэты сакрамэнт, разам з якім сталі мы дзецьмі Бога ў Святой Тройцы Адзінага; калі праз пазначэнне чалавека знакам Айца і Сына і Духа Святога здзейснілася таямніца нашага ўсынаўлення Хрыстом, або акт прыняцця да Божай сям'і. Гэта вялікая падзея – удзел людзей, адораных Божай ласкай. Але паўстае тут пытанне аб нашым усведамленні гэтай падзеі. Ці ўяўляем як след, што з'яўляемся братамі Хрыста? Ці кожны з нас усведамляе, што ад хвіліны святога хросту Хрыстос увайшоў ва ўсё чалавецтва, каб яго усвяціць і дапамагчы нам дайсці да самога Бога, да вечных Божых прадвызначэнняў, якія Ён у сваёй міласэрнасці ахвяруе чалавеку? Кожны чалавек створаны паводле падабенства да Бога, і незалежна ад таго, якімі справамі мы займаемся ў сваім жыцці, заўсёды з'яўляемся дзецьмі Бога, людзьмі, адзначанымі Яго святасцю.

Нядзеля Хросту Пана дае нам нагоду для асэнсавання ўласнага хросту: што значыць, што я ахрышчаны? Што зрабіў са сваім хростам?

Слова "хрост" мае значэнне як агульнае, так і асабістае. Асабістае значэнне святога хросту звязана з пытаннем, ці з'яўляецца наша жыццё жыццём вучняў Хрыста, тых, што жывуць у вялікім сімбіёзе і адзінстве з Богам у Тройцы Святой Адзіным. Таму што няма для хрысціяніна іншай дарогі, як гэтая, якую Бог Айцец указаў людзям у Дэкалогу і Езус Хрыстус у Евангеллі. Па-за гэтаю дарогай чалавек згубіцца і ніколі не дойдзе да збаўлення. Калі мыслім паважна і адказна аб сваім жыцці, то павінны адказаць сабе на пытанне: ці хочам жыцця поўнага, якое дасць нам радасць, захавае ў паяднанні з Богам і дасць жыццё вечнае – ці лічыцца толькі тое, лёгкае і прыемнае тут і цяпер? Калі чалавек не хоча весці жыцця ў лучнасці з Богам, то павінен ведаць, што ў пэўны момант яго жыцця з'яўляецца дакор сумлення, што не перажыў адпушчанага яму часу так, як належала. Такая рэфлексія з'явіцца незалежна ад таго, ці гэта чалавек просты, ці вучоны. Чалавек павінен ў пэўную хвіліну адказаць Богу на пытанне аб спаўненні свайго жыцця.

Калі глядзім зараз на Хрыста, які так упарта просіць Яна Хрысціцеля аб удзяленні хросту, павінны ўбачыць таксама саміх сябе перад нашым Богам і падумаць, наколькі з'яўляемся адказнымі за свой хрост, за валадарства Божае, якое павінна ў нас узрастаць. Бо ў гэтым – вялікае прызначэнне чалавека.

Станіслаў Поляк

Сістэма Orphus