Панядзелак, Верасень 25, 2017

Маці Ўбогіх

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Хто ж яе не памятае? Здымкі Маці Тэрэзы з'яўляліся на вокладках прэстыжных у свеце газет, сустракалася з найвялікшымі асобамі нашага часу. Але таксама з найбяднейшымі з бедных, з гаротнікамі, якія, змірыўшыся з лёсам, паміралі шчаслівымі на яе руках.

Благаславёная Маці Тэрэза з Калькуты, поўнае законнае імя Марыя Тэрэза ад Дзіцятка Езус, нарадзілася 27 жніўня 1910 г. у Скоп'е, у Югаславіі (сучасная Македонія) ў заможнай албанскай каталіцкай сям'і. 12-гадовай дзяўчынкай пачула голас паклікання. Ва ўзросце 18 год выехала ў Дублін (Ірландыя), дзе ўступіла ў Згуртаванне Сёстраў Ларэтанак. Па годзе навучання далучылася да сёстраў, што працуюць у Darjeeling у Індыі. У 1929 г. стала настаўніцай геаграфіі ў школе для дзяўчат у Калькуце. У гэтым горадзе маладая законніца ўбачыла вуліцы, поўныя жабракоў, хворых на праказу, бяздомных, нежаданых дзяцей, людзей, якія ў апушчэнстве паміралі на вуліцах ці ў кошыках на смецці. Тое відовішча ўзрушыла яе сэрца.

Па шлюбах вячыстых у 1937 г. вярнулася ў школу ў Darjeeling, каб у 1944 г. стаць там дырэктаркай. Здавалася, што да канца жыцця прысвяціць сябе настаўніцкай працы, але 10 верасня 1946 г., едучы цягніком з Калькуты ў Darjeeling, у містычным натхненні атрымала ласку ўсё пакінуць і пайсці служыць найбяднейшым з бедных. Праз два гады арцыбіскуп Калькуты даў згоду на тое, каб пакінула кляштар. Змяніла тады свой хабіт на белае сары, такое, якое носяць індускі, і пакінула кляштар Ларэтанак. Так пачалася яе вялікая служба бедным: найперш бяздомным дзецям, затым хворым асобам, паміраючым, пракажоным…

Папа Пій XII 7 кастрычніка 1959 г. зацвердзіў створанае ёй Згуртаванне Місіянерак Любові, галоўнай мэтаю якога стала міласць да найубогіх, прынятая як выкананне слова "Прагну", прамоўленага Хрыстом падчас агоніі на крыжы. Адтуль усё ў Місіянерак Любові існуе толькі дзеля таго, каб заспакоіць прагненне Езуса. Слова "Прагну" бачым на сценах кожнай капліцы, не паходзіць яно толькі з мінулага, але жывое тут і цяпер, прамоўленае да кожнай з сёстраў. Таму сёстры складаюць шлюбы чысціні, паслушэнства і ўбоства, а апроч іх яшчэ чацвёрты шлюб – служыць усім сэрцам і добраахвотна Езусу ў найубожшых з убогіх.

З 1947 г. Маці Тэрэза была грамадзянкай Індыі. Многія казалі аб ёй як аб найбольш уплывовай жанчыне ХХ стагоддзя. Лаўрэатка Нобелеўскай Прэміі ў 1979 г. пры атрыманні ўзнагароды сказала: "Калі пачуеце, што нейкая жанчына не хоча нарадзіць свайго дзіцяці і мае намер ад яго пазбавіцца, старайцеся пераканаць яе, каб мне яго прыносіла. Я яго буду любіць, бачачы ў ім знак Божай любові". Маючы дзясяткі іншых прэстыжных узнагарод з усяго свету, не надавала ім вялікай увагі, трымала іх у кардоннай каробцы ў сваёй сціплай законнай келлі, а прымала іх, каб магчы "аперазаць свет ланцугом любові".

Была дайманая журналістамі, але не жадала даваць інтэрв'ю, бо не любіла казаць пра сябе. Успрымала сябе за "звыклае начынне, аловак у руках Бога". Не чытала, што пра яе пісалі, хаця разумела, што цікавасць медыяў можа прычыніцца да адлюстравання праўды і падтрымання яе справаў.

Не адзін журналіст, жадаючы апісаць яе працу, праходзіў нібы праз тры розныя этапы. Першы этап: павінен быў убачыць яе працу. Ужо само відовішча працы Маці Тэрэзы выклікала жах і агіду ад мыцця і кармлення людскіх шкілетаў, благаслаўлення людзей, што паміраюць у вялікіх пакутах. На другім этапе даходзіла да з'яўлення звычайнага пачуцця літасці. І толькі на трэцім нараджаўся неспадзяваны досвед, што тыя паміраючыя, пакінутыя мужчыны і пракажоныя жанчыны з куксамі замест рук, нежаданыя дзеці не толькі заслугоўваюць літасці, а з'яўляюцца братамі і сёстрамі, вартымі нашай любові і клопату. На гэтым этапе нарадзілася патрэба дапамогі Маці Тэрэзе, жаданне, каб самому абняць рукамі знявераныя старыя галовы, абараніць бедныя куксы, узяць на плечы пакінутых у скрынях на сметніках дзяцей.

Вельмі хутка яе Місіянеркі Любові знайшліся ў многіх месцах свету, а іх праца з аднаго боку спараджала словы здзіўлення, а з другога – абвінавачанне дужым гэтага свету за тое, што дапусцілі да гэткай вялікай розніцы паміж багаццем некаторых і беднасцю мільёнаў. На шчасце, Маці Тэрэза, як і яе сёстры, у тых месцах гора з'явіліся для таго, каб паказаць усім сапраўдную годнасць чалавека, змагацца за яе. Казала: "Толькі ў небе зможам сцвердзіць, як шмат абавязаныя бедным, дзякуючы якім яшчэ больш маглі палюбіць Бога".

На пытанне пра тое, як сёння быць святым, казала, што святасць наогул не палягае на здзяйсненні рэчаў незвычайных, але з прыняццем з усмешкаю таго, што пасылае нам Бог. "Святасць не з'яўляецца люксам для асобных. З'яўляецца абавязкам кожнага: тваім і маім". Каб стаць святымі – "павінны ўсур'ёз хацець імі быць". Дадавала, аднак, што рашэнне быць святым вельмі каштоўнае. "Ахвяра, спакусы, змаганне, пераслед і ўсялякага кшталту самаахвярнасць – гэта тое, што спадарожнічае душы, якая абрала святасць. Калі, аднак, працуем для Бога і яго хвалы, можам стаць святымі".

Ці мела Маці якую-небудзь таямніцу ўласнай святасці? "Мая таямніца вельмі простая: я малюся. Маліцца да Езуса – значыць любіць Яго. Малітва – не просьба. Малітва – адданне сябе ў рукі Бога, у яго распараджэнне, услухоўваючыся ў Яго голас у глыбіні нашых сэрцаў". На пытанне, што трэба рабіць, каб быць пэўным, што кіруемся шляхам збаўлення, адказвала: "Любіць Бога. А перадусім маліцца".

Маці Тэрэза цярпела разам са сваімі падапечнымі, бо – як казала – "без цярпення праца наша была б усяго толькі працай грамадскай, чымсьці вельмі добрым і магутным, не была б, аднак, справаю Езуса Хрыста, не была б часткаю справы Адкуплення. Езус прагнуў памагчы нам, удзельнічаючы ў нашым жыцці, у нашай самоце, у нашай агоніі і смерці. Адзіна дзякуючы таму, што быў разам з намі, адкупіў нас".

Маці Тэрэза адышла з гэтага свету 5 верасня 1997 г. з усеагульнай рэпутацыяй святасці. Адышла, застаючыся знакам надзеі, якую Бог даў кожнаму чалавеку. Падчас малітвы "Анёл Панскі" ў Кастэль Гандольфа два дні пазней Ян Павел II сказаў: "Падчас гэтага малітоўнага спаткання прагну ўспомніць нашу ўмілаваную сястру Маці Тэрэзу з Калькуты, якая два дні таму скончыла сваю зямную вандроўку. Шматкроць меў нагоду сустрэць яе асабіста, добра памятаю яе дробную постаць, прыгнечаную цяжарам жыцця, якое прысвяціла службе найубожшым з убогіх, але заўсёды поўную невычэрпнай энергіі ўнутранай, энергіі любові Хрыста".

Ян Павел II у яе выпадку адступіў ад існага на гэты час правіла распачынання кананізацыйнага працэсу не раней як праз 5 гадоў пасля смерці. Працэс, распачаты праз неколькі месяцаў пасля яе смерці ў дыяцэзіі ў Калькуце, закончыўся ўзнясеннем Маці Тэрэзы да алтара 19 кастрычніка 2003 г. ў Рыме. Ян Павел II назваў благаславёную Маці Тэрэзу Анёлам Убогіх, Місіянеркай Любові, а таксама найвялікшай Місіянеркай XX стагоддзя.

Чэслаў Рышка
Сістэма Orphus