Панядзелак, Верасень 25, 2017

Будзьце міласэрнымі

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Любоў бліжняга становіцца міласэрнасцю. З’яўляецца чымсьці абавязковым у штодзённых стасунках паміж людзьмі, якія, апроч прагнення святасці і наследавання Хрысту, даведваюцца штодня праўду аб сваіх слабасцях і магчымасцях. Зло пад рознымі абліччамі пагражае прыязным і спакойным міжасабовым стасункам. Таму патрэбная міласэрнасць.

Сярод благаславенняў Хрыста знайшлося месца і благаславенню міласэрных: Благаславёныя міласэрныя, бо Яны міласэрнасці заслужаць. Святы ж Лука ў павучаннях Езуса, што з’яўляюцца адпаведнікамі Казання на Гары, сярод парадаў, якія Хрыстус дае сваім вучням, змясціў заклік: Будзьце міласэрнымі, як Айцец ваш міласэрны. Евангеліст згадаў, што Бог – крыніца міласэрнасці, а ўсе астатнія могуць толькі адлюстраваць яе ў сваіх паводзінах адносна бліжніх.

Міласэрнасць да бліжніх, якой прагнуў Хрыстус, выяўляецца ў гатоўнасці падтрымкі слабых мацнейшымі. Яе квінтэсэнцыю ўтрымліваюць словы св. Паўла: Адзін аднаго цяжары насіце і так выконвайце права Хрыстова. Знакам хрысціянскай міласэрнасці, звязаным з жаданнем развязання клопатаў бліжняга, з’яўляецца прабачэнне. Міласэрнасць раскрываецца як праява велікадушнага прабачэння. Той, хто сам пазнаў Божую міласэрнасць у справе адпушчэння яго грахоў, абавязаны прабачаць сваім вінаватым.

Міласэрная любоў да бліжніх выяўляецца ў аказанні ім матэрыяльнай дапамогі ў форме міласціны. Мацвей ставіць міласціну сярод учынкаў, якія заслугоўваюць Божага благаславення з умоваю, што здзейснена яна таемна і без розгаласу. Мэта міласціны павінна быць чыстай і бескарыслівай: яна – форма падтрымкі ўбогага, а не сродак да забеспячэння сабе адабрэння і ўхвалы. Асцерагайцеся здзяйсняць пабожныя ўчынкі прылюдна для таго, каб вас бачылі; іначай не будзеце мець узнагароды ад Айца вашага, які ёсць у небе. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як крывадушнікі робяць у сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі хвалілі. Сапраўды кажу вам: тыя атрымалі ўжо сваю ўзнагароду. А калі ты даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правая, каб твая міласціна засталася ў схове. А Айцец твой, які бачыць у схове, аддасць табе.   

Хрыстус не толькі заахвочваў да практыкавання міласэрнасці да ўбогіх і патрабуючых, але таксама перасцерагаў ад знішчальных вынікаў яго занядбання. Асабліва пераканаўчым перасцеражэннем ад зацвярдзення сэрца ў адносінах да бедных з’яўляецца прыпавесць пра Лазара і багацея. Жыў багаты чалавек, які апранаўся ў пурпур і бісер і дзень пры дні цудоўна бавіўся. Пры браме яго палаца ляжаў пакрыты язвамі жабрак Лазар. Прагнуў ён наесціся адходамі са стала багацея; апроч таго і сабакі прыходзілі і лізалі яго язвы. Памёр жабрак, і анёлы занеслі яго на лона Абрахама. Памёр таксама багацей і быў пахаваны. Калі ў Адхлані, пагружаны ў пакуты, падняў вочы, убачыў здалёк Абрахама і Лазара на ягоным лоне. І паклікаў: Ойча Абрахаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара; няхай канец свайго пальца памочыць у вадзе і ахалодзіць мой язык, бо жудасна цярплю ў тым вогнішчы. Але Абрахам адказаў: Успомні, сыне, што за жыццё атрымаў сваё добрае, а Лазар, наадварот, нядолю; цяпер ён тут спазнае суцяшэнне, а ты церпіш пакуты. Багацей быў асуджаны не за тое, што меў вялікую маёмасць, а за адсутнасць уяўлення аб міласэрнасці і асляпленне багаццем, якое стала прычынай, што быў нячулы да просьбаў Лазара аб дапамозе. Прыпавесць Езуса –  ясная перасцярога супраць эгаістычнага стылю жыцця і захаплення багаццем і пашанай, якія становяцца прычынай таго, што чалавек робіцца няўважлівым да іншых.

Суровая кара, што спасцігла багацея, з’яўляецца перасцярогай для ўсіх людзей і для Касцёла, які як супольнасць вучняў Езуса не можа застацца абыякавым да лёсаў сучасных Лазараў. Любіць братоў, прысвячаць сябе ім – гэта пераадоленне, якое вынікае са свядомасці. Чым большыя іх патрэбы, тым больш нечаканым з’яўляецца для вернікаў абавязак служэння ім. Хіба Бог дапускае існаванне такіх патрэбаў не для таго, каб мы, выходзячы да іншых, навучыліся пазбаўляцца ад нашага эгаізму і жыць праўдзівай евангелічнай любоўю? Прыказанне Езуса яснае: Бо калі мілуеце тых, хто вас мілуе, што ж за ўзнагароду будзеце мець?

Свет ацэньвае кантакты з іншымі на падставе інтарэсу і ўласнай карысці, распаўсюджваючы эгацэнтрычнае бачанне жыцця, у якім вельмі часта няма месца для бедных і слабых. Але ж кожную асобу трэба прымаць і любіць саму па сабе, незалежна ад яе вартасці і магчымасцяў. Іншымі словамі, чым большыя яе цяжкасці, тым больш павінна яна быць аб’ектам нашай канкрэтнай любові.

Кс. Дарыюш Кручыньскі

Сістэма Orphus