Нядзеля, Верасень 24, 2017

Пакліканыя да міласэрнасці

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Усе вернікі пакліканыя да дасканаласці, а спосабам рэалізацыі такога паклікання з’яўляецца дзейсная любоў да бліжняга. Таму св. Павел намаўляў: Паколькі з’яўляецеся абраннікамі Бога – святымі і ўмілаванымі – убярыцеся ў сардэчную міласэрнасць, дабрыню, пакору, ціхмянасць, цярплівасць, цярпіце адзін аднаго і, узаемна прабачаючы, калі б меў хто закід супраць другога: як Я прабачыў вам, так і вы! Сярод мноства хрысціянскіх цнотаў Павел аддае перавагу “сардэчнай міласэрнасці”, якая з’яўляецца знакам салідарнасці і братэрства з убогімі, а не толькі жэстам літасці і падтрымкі ўбогіх членаў супольнасці. Дзеям міласэрнасці павінна таварышыць унутранае настаўленне (арыентацыя), што з’яўляецца адбіткам ласкавага настаўлення самога Бога. Гэтую думку найбольш поўна св. Павел выказаў у Лісце да Эфесцаў: Будзьце паслядоўнікамі Бога і крочце дарогай любові. Хрысціяне павінны наследаваць Богу ў Яго прабачэнні і клопаце пра ўсіх людзей, асабліва дапамагаючы тым, што патрабуюць іх духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі.

Св. Павел, згадваючы пра зборы, якія ладзілі некаторыя хрысціянскія суполкі для галадаючых у Ерусаліме, загадвае, каб міласціна чынілася “ахвотна”.

Св. Якуб бачыць надчасавае, эсхаталагічнае вымярэнне дзеяў міласэрнасці. Заклікаючы да веры, увасабленнем якой з’яўляюцца канкрэтныя справы, Апостал сцвярджае: Кажыце і рабіце так, як людзі, якія будуць суджаныя на падставе Права волі. Бо то будзе суд няўмольны для таго, кто не чыніў міласэрнасці: міласэрнасць трыумфуе над судом. Які з таго спажытак, браты мае, калі хтосьці будзе сцвярджаць, што верыць, а не будзе здзяйсняць учынкаў? Хіба адна толькі вера здолее яго збавіць? На Божым Судзе Божая міласэрнасць будзе адказам на міласэрнасць, якую чыніў чалавек. Гэтае выказванне – рэха крытэрыяў Апошняга Суда, якія даў сам Хрыстус.

Кс. Дарыюш Кручыньскі

Сістэма Orphus