Пятніца, Лістапад 17, 2017

Ратуем душы

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Урачыстасць Усіх Святых часта блытаем з Задушным Днём. Першыя дні лістапада паводле свайго значэння адзін да аднаго падобныя, але розняцца па сутнасці. Калі першага лістапада ўспамінаем ананімных святых, то другога нашы думкі скіроўваюцца да душаў чысцовых. Абодва ўспаміны канцэнтруюць у сабе тры святы: з аднаго боку, з’яўляецца Касцёл, што пілігрымуе на зямлі, якім з’яўляемся мы. З другога – Касцёл, што трыумфуе ў небе, якім з’яўляюцца ўсе збаўленыя, а значыць не толькі афіцыйна ўзнесеныя да алтара, але таксама ананімныя. І ўрэшце, другога лістапада нашы думкі імкнуцца да памерлых, што, пакутуючы, яшчэ чакаюць канчатковага паяднання з Богам. Гэтым апошнім можам дапамагаць, і гэта не толькі вынік Божага плана адносна свету, але вельмі канкрэтны абавязак. Таму, можа, добра было б пры нагодзе лістападаўскіх дзён зрабіць рахунак сумлення. У некаторых парафіях, адразу па пахаванні, людзі складаюць ахвяры дзеля замовы св. Імшы, але тут было б штосьці большае. Бо калі чалавек перакананы, што на Крыжы адбылося нешта такое значнае, што сатана аказаўся пераможаны, то нельга сабе ўявіць лепшай дапамогі, як здзяйсненне гэткай Ахвяры ў інтэнцыі тых, што адышлі. Што можа ім больш дапамагчы? Хаця праўда гэтая здаецца відавочнай, звычайная практыка ў парафіях – падвяргаць яе сумневу. Бо ці замаўляем св. Імшу з нагоды не толькі гадавіны смерці, але таксама і народзінаў? А што з імянінамі ці чарговаю гадавінай шлюбу? Калі чалавек сапраўды любіў, смерць не толькі не знішчае повязі, але нават можа яе ў нейкім сэнсе паглыбіць.

Залежнасць збаўлення адных ад збаўлення другіх можа спарадзіць непаразуменне. Аднак уся гісторыя збаўлення, паводле Бібліі, дэманструе пастаянную рызыку, на якую ішоў Бог Усемагутны, калі складаў людзям свае прапановы. Так было з Абрахамам, які таксама мог застацца ў Ур і не рухацца з дому. Так было пазней з Юзафам, які мог застацца глухім да намовы анёла, і з Маці Найсвяцейшай. Ці здарылася б катастрофа, калі б гэтыя людзі зрабілі па-свойму? Бог, безумоўна, даў бы рады кожнаму людскому ўчынку, але гэта ні ў якім разе не мяняе факта, што, аднак, ставіў найважнейшыя справы ў залежнасць ад людской свабоды, ад таго, як ёю скарыстаюцца. Нас ніхто не папросіць аб таком важнай справе: свет выглядае ўжо сёння іначай, бо – збаўлены. Тым больш зробім рахунак сумлення з малых рэчаў, якія могуць мець велізарнае значэнне для тых, каго мы любілі і хто ўжо знаходзіцца па іншы бок.

Кс. Лукаш Яксік

Сістэма Orphus