Субота, Лістапад 18, 2017

Аб прыказанні любові

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Сапраўдная любоў павінна пачынацца ад любові Бога, дзякуючы якому жывем на гэтым свеце…

– Добра адказаў? – пахваліў Пан Езус навукоўцу Права. А за што яго пахваліў? Бо навуковец найперш спытаў у Езуса, што мае рабіць, каб дасягнуць жыцця вечнага. Пан не адказаў яму наўпрост, але таксама спытаў:

– Што напісана ў Праве? Як чытаеш?

І навуковец узгадаў:

– Будзеш любіць Пана Бога свайго ўсім сваім сэрцам, усёй сваёю душой, усёй сваёй моцаю і ўсім сваім пачуццём, а бліжняга свайго – як сябе самога.

– Добра адказаў. Так рабі і будзеш жыць, – сказаў яму Пан.

Усялякая любоў павінна пачынацца ад любові Бога. Бо св. Аўгустын вучыць, што кожны з нас павінен найперш цешыцца Богам для Яго самога, а потым ужо цешыцца сабою самім і бліжнім.

Толькі калі пазнаем, кім з’яўляецца для нас Бог, калі зразумеем, што без Яго нас не было б і што паклікаў нас да жыцця, каб кожнага з нас адарыць сабою, сваёй любоўю, тады здолеем палюбіць саміх сябе. Толькі тады будзем у стане паверыць, што ўяўляем нейкае дабро, нейкую вартасць, калі Ён сам нас жадаў. Калі Ён хацеў, каб мы жылі, Ён таксама прагне, каб мы былі шчаслівыя. Толькі тады, менавіта на Яго погляд, будзем у стане цешыцца з сябе, цешыцца, што жывем. Гэта значыць любіць сябе самога на Яго погляд.

І падобна з любоўю бліжняга. Гэта Ён даў нам кожнага бліжняга, каб мы ў бліжнім маглі любіць Яго самога, бо як жа можам казаць, што любім Бога, якога не бачым, калі не здолеем любіць бліжняга, якога бачым. Толькі гледзячы на бліжняга, на чалавека, які мае такія ж патрэбы, што і мы, бывае галодны, спрагнёны, мае патрэбу ў сяброўстве, руцэ дапамогі, можам зразумець, чаго Бог ад нас чакае. Ён чакае ад нас таго, каб мы клапаціліся не толькі пра сябе, але каб умелі дзяліцца ўсім з бліжнім, быццам з Ім самім, а ўрэшце адкрыць, што ўсё, што маем, чым можам цешыцца і дзяліцца, – менавіта ад Бога.

Сапраўдная любоў павінна пачынацца ад любові Бога, дзякуючы якому жывем на гэтым свеце.

А. Уладыслаў Паулін Сатоўскі

Сістэма Orphus