Субота, Лістапад 18, 2017

Адвэнтовае чуванне

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Адвэнт — гэта час падрыхтоўкі да сустрэчы з Богам, які становіцца чалавекам. Уцелаўленне Божага Сына з’яўляецца незвычайным знакам Божай любові. Бог літаральна выходзіць па-за сябе і становіцца братам чалавека для таго, каб кожны з нас убачыў Яго любоў і мог вучыцца такой любові. Бог так моцна палюбіў чалавека, што вырашыў прыйсці да нас са сваёй любоўю, нягледзячы на тое, што ведаў: некаторыя з нас заб’юць Яго.

Бог Айцец паслаў Сына на зямлю не для таго, каб Ён сваім цярпеннем кампенсаваў усе нашыя грахі, а для таго, каб Ён пераканаў нас у збаўчай любові Айца. Крыж мае такое вялікае значэнне ў гісторыі збаўлення не таму, што з’яўляецца знакам жахлівага цярпення, а таму, што гэта сімвал асаблівай любові. Крыж Хрыста, які ценем кладзецца на бэтлеемскія яселькі, — знак таго, што Любоў можа любіць у кожнай сітуацыі і можа збавіць кожнага чалавека.

Ва Умілаваным Сыне, які прымае чалавечую прыроду, Бог нагадвае нам пра свае жаданні ў адносінах да чалавека. Кожны з нас — незвычайна вялікі, бо можа думаць і любіць. Адначасова кожны з нас знаходзіцца ў страшнай небяспецы падчас зямнога жыцця. Небяспека пагражае нам звонку, асабліва ад людзей цынічных або наіўных. Але перад людзьмі мы можам лепей абараняцца, чым перад уласнаю слабасцю.

Менавіта па гэтай прычыне найбольшая небяспека для чалавека сыходзіць ад яго самога. Чалавек знаходзіцца ў небяспецы ўласнай наіўнасці, недасведчанасці і грэшнасці. Ён можа сам сябе моцна падманваць або абкрадваць сябе ў любові, свабодзе і святасці.

Гэты свет падштурхоўвае мяне зноў і зноў паўтараць першародны грэх, або рабіць тое, што лягчэйшае, замест таго, што вартаснае. Дамінуючая ідэалогія і нізкая культура памылкова мне прапануе: будзь сабою!

Тымчасам Бог жадае, каб я стаў кімсьці большым за самога сябе. Паколькі я з’яўляюся кімсьці вялікім і адначасова знаходжуся ў вялікай небяспецы,  мне патрэбна сустрэча са Збаўцам, які прыходзіць да мяне. Божы Сын вырашае пасяліцца на зямлі побач са мною, каб абараніць мяне ад усяго, што пагражае мне і аддаляе мяне ад святасці.

Адвэнт — гэта час чування, якое прызначана для таго, каб Бог не прыйшоў да мяне дарэмна. Чуваць падчас Адвэнту — значыць маліцца, разважаць і любіць па прыкладзе Божага Сына, у якім Айцец аб’явіў нам нашу ўласную веліч і пакліканне.

Чуваць — значыць станавіцца анёлам ахоўнікам для самога сябе.

Чуваць — значыць адважна прыглядацца да таго, што я раблю са скарбам свайго жыцця і са сваім пакліканнем да святасці. Чуваць — значыць маліцца, або выходзіць на «шпацыр» з Богам для таго, каб узгадняць нашыя з Ім супольныя замыслы і расказваць Богу пра сябе і свае ўчынкі больш, чым я адважваюся сказаць самому сабе.

Чуваць падчас Адвэнту — значыць штодзённа станавіцца перад абліччам немінучай смерці ў зямным жыцці і перад абліччам Хрыста, які паўторна прыйдзе да нас у канцы свету. Чуваць — значыць ужо сёння задаваць сабе пытанне, якое Езус задасць мне пасля: ці любіш ты? ці любіш ты сёння больш, чым учора? Той, хто палохаецца перспектывы смерці і баіцца пытання пра любоў, яшчэ замала чувае над сабою і над уласным жыццём.

Па-сапраўднаму чуваць — значыць па-сапраўднаму любіць! 

Кс. Марэк Дзевецкі

Сістэма Orphus