Субота, Лістапад 18, 2017

Адзець нагіх

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Гэта ўчынак міласэрнасці для цела чалавека, які не мае вопраткі. Дадзеная тэма — шматаспектная. У сучасным свеце адзенне ў прынцыпе не з’яўляецца такою вялікаю праблемаю. Зразумела, яно бывае розным. Ёсць людзі, якія прыбіраюцца вытанчана, шукаюць новыя ідэі для свайго вобраза; ёсць таксама буйная галіна моды: праекціроўшчыкі ствараюць новыя трэнды штодзённага або вячэрняга ўбрання, пасля прэзентуюць яго на разнастайных паказах моды. Тут можна запытацца: ці не пераўзыходзіць часам клопат пра адзенне пэўных маральных нормаў, і ці заўсёды тое, што мы маем, служыць маральнаму дабру?

У наказе «адзець нагіх» хрысціянства адсылае нас да самога Хрыста. Прыгадаем сцэну, калі Пілат паказвае натоўпу бічаванага Езуса, насмешліва пакрытага пурпуровым плашчом і з церневай каронаю на скронях. Тады Пілат кажа знакавыя словы: «Вось Чалавек» (Ян 19, 5). Таму што найважнейшае — сам чалавек, а не яго адзенне: адзенне таксама можа быць высмейвальным.

Што кожны з нас выяўляе сваёй асобаю? Што рэпрэзентуе ў сваёй чалавечнасці? Што хоча падкрэсліць сваім убраннем? Чаго хоча дасягнуць сваёй знешнасцю? Такія пытанні павінен сабе задаць кожны хрысціянін. Трэба іх узнімаць, хоць, магчыма, яны будуць недаспадобы і могуць быць сустрэтыя з кпінамі. У свеце, дзе пануе культ знешнасці або звычайны вуаерызм, нам нельга страціць свайго ўнутранага жыцця.

Мы павінны таксама выхоўваць у сабе пашану да чалавечага цела — прыгожага, задуманага Богам так, што ў цялеснасці чалавека заключаецца ўся ідэя збаўлення. Цудоўна сказаў пра гэта Караль Вайтыла ў кнізе «Любоў і адказнасць».

Калі мы гаворым пра ўчынкі міласэрнасці для цела бліжняга, то павінны ўсведамляць, што вакол нас ёсць бедныя людзі і трэба ім дапамагаць. Не проста дзяліцца тым, што ў нас лішняе, а праяўляць сардэчную ўвагу да патрэбаў чалавека. І той, хто дае, павінен быць удзячны таму, хто прымае, бо дзякуючы яму можа рэалізаваць сваю любоў да бліжняга.

Кс. Ірэнэуш Скубісь

Сістэма Orphus