Субота, Лістапад 18, 2017

Няхай нашыя парафіі ўваскрэснуць!

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Уваскрасенне — гэта вялікі знак жывога Бога. З Кнігі Зыходу мы памятаем, што на пытанне Майсея пра імя Бог Ягвэ адказаў: «Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ» (Зых 3, 14). Да прыроды Бога належыць тое, што Ён проста ёсць, Ён жыве. Жыццё Бога вельмі выразна аб’явілася ў факце ўваскрасення Езуса Хрыста. Божы Сын уваскрос і прабывае з намі, жыве. Ён заўсёды жыве. Гэтая вялікая ісціна і радасць уваскрасення абвяшчаюцца сёння ўсяму хрысціянскаму свету, бо праз гэта аб’яўляецца магутнасць Бога, Яго панаванне над смерцю, грахом і нашаю слабасцю. Уваскрослы Хрыстус — найбольшая крыніца натхнення для нас, бо Ён уваскрос, жыве, прабывае з намі.

Уваскрасенне Езуса наводзіць нас на разнастайныя рэфлексіі, у тым ліку на разважанне пра словы святога Паўла: «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). На ўваскрасенні Хрыста ўгрунтавана наша вера ў Яго як Сына Божага, абяцанага Месію, які выканаў сваю місію перад чалавецтвам. Згадаем словы Езуса, прамоўленыя да Нікадэма і занатаваныя св. Янам: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Бог аддаў Сына, Езуса Хрыста, каб мы мелі жыццё… Не толькі зямное жыццё, якое натуральным чынам завершыцца — Хрыстус вядзе нас да жыцця вечнага. Ён пераконвае нас, што ў доме Яго Айца ёсць шмат святліцаў. Гэтае вобразнае сцверджанне вельмі красамоўнае. Яно настаўляе нас у веры, адкрывае нашыя сэрцы не толькі на хрысціянскую радасць у часовым жыцці, але і на веру ў вечнасць.

Уваскрасенне Хрыста пацвярджаюць аповеды сведкаў пра пустую магілу, а потым — пра шматразовыя сустрэчы з уваскрослым Хрыстом, які еў і піў разам з імі, паводзіў сябе як звычайны жывы чалавек. Разам з гэтым пасля ўваскрасення Езус быў праслаўлены, з’яўляўся ў розных месцах і сітуацыях незвычайным, цудоўным шляхам, выклікаючы захапленне, радасць і моцныя перажыванні Апосталаў, а таксама тых, хто Яго ведаў. Яны былі так захопленыя ўваскрослым Хрыстом, што не зважалі ні на што, толькі на сам факт прабывання з Ім, а Яго апошнія словы былі для іх чымсьці такім, на чым будавалася іх вера, любоў, што давала моцы перажыць пазнейшыя складаныя часы.

Уваскрасенне Хрыста мае вялізнае значэнне для ўсіх Яго вызнаўцаў, ключавое значэнне для кожнага веруючага. Мы таксама дзякуючы сведчанням Апосталаў з’яўляемся спадчыннікамі веры ў Езуса ўваскрослага і ва ўсё, чаму Ён навучаў. Гэтая вера вядзе нас да святога Касцёла, які заснаваў Хрыстус, і ўмацоўвае нашае перакананне, што няма Хрыста без Касцёла і няма Касцёла без Хрыста. Касцёл — гэта справа ўваскрослага Хрыста, ён поўны надзеі на ўваскрасенне. Зразумела, паўната Касцёла выяўляецца таксама праз прысутнасць Духа Святога. Пасланы Айцом і Сынам,  Ён адорвае Касцёл сваімі ласкамі, нястомна ўзмацняе і падтрымлівае яго.

Нягледзячы на тое, што падзею ўваскрасення Пана кожны з нас перажывае па-свойму, гэтак жа як кожны з нас паасобку будуе свае ўзаемаадносіны з Богам і ў нейкім сэнсе вельмі асабіста ўспрымае свае ўнутраныя перажыванні, аднак існуюць таксама адносіны супольнасці з Богам. Усё ж такі ўваскрасенне Пана мы перажываем у коле сваіх парафій. Сёння я асабліва жадаю такім супольнасцям: няхай нашыя парафіі ўваскрэснуць! Што гэта азначае? Чалавек уваскрасае менавіта для жыцця, а не для смерці. Парафія, якая развівае сваю любоў да Бога, развівае таксама сваю дзейнасць: свае структуры, міжчалавечыя сувязі, апеку над дзецьмі, клопат пра хворых і церпячых і г.д. Уваскрасенне парафіі заўсёды будзе звязана з сацыяльным фактарам. Члены парафіі павінны натхняць, падтрымліваць адзін аднаго ў імкненні да Бога, у жаданні быць блізка да Хрыста. Парафія павінна стаць домам для ўсіх сваіх членаў. І такі дом трэба будаваць. Для дома нашай парафіі неабходна «мэбля», пра якую павінны паклапаціцца парафіяне. Такой «мэбляй» з’яўляюцца, напрыклад, каталіцкія мас-медыя: радыё, перыядычныя выданні, — яны будуць уплываць на свядомасць католікаў. Каталіцкія выданні павінны абуджаць любоў да Бога, даваць енвангельскі пункт погляду на тую ці іншую праблему, нагадваць пра бясцэнны дар Найсвяцейшай Маці, дапамагаць веруючым фармаваць сваю хрысціянскую свядомасць, бо найважнейшае ў жыцці тое, ці жывем мы ў блізкасці да Бога (або, можа, аддаленыя ад Яго), ці ўсведамляем, што мы з’яўляемся Божымі дзецьмі (ці гэта нас увогуле не цікавіць). Рана ці позна мы ўсе павінны будзем стаць перад Хрыстом у праўдзе, і тады нішто не будзе ўтоена.

Таму пажаданне «Няхай нашыя парафіі ўваскрэснуць!» набывае асабліва глыбокі сэнс менавіта ў велікодныя святы. Для многіх парафіянаў Бог стаў вялікім Незнаёмым. У той жа час Ён з’яўляецца для нас Айцом — любячым і міласэрным, да якога можна няспынна звяртацца, да якога можна вярнуцца. Гэтую вялікую працу над сабою павінны выконваць усе мы: душпастыры, каталіцкія супольнасці і ўсе веруючыя. Разам з уваскрослым Хрыстом мы можам мацней з’яднацца і пачаць жыць вераю.

Паразважаем над гэтым. І няхай уваскрослы Хрыстус ажыве ў нас, няхай уваскрэснуць нашыя парафіі!

Кс. Ірэнэуш Скубісь

Сістэма Orphus