Нядзеля, Верасень 24, 2017

Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі…

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Анёл, пасланы Богам, перадае Марыі — маладой, невядомай ізраэльскай дзяўчыне — незвычайную вестку: сам Бог асабліва зацікавіўся Яе жыццём і, шануючы свабоду чалавека, пытаецца, ці хацела б Яна прыняць удзел у Яго боскім плане збаўлення чалавецтва. Заўважым, што Бог у сваім спрадвечным Провідзе прадбачыў гэтую сустрэчу, пра што мы даведваемся са Старога Запавету.

Гэтая падзея вельмі ўзрушвае. Праўду кажучы, яна знаходзіцца па-за абсягам нашага чалавечага ўяўлення. Хто мы такія? Кім з’яўляецца чалавек для Пана неба і зямлі, Стварыцеля Сусвету, што мы настолькі важныя для Яго, што Ён так любіць нас, няшчасных грэшнікаў?.. Далей усё адбывалася само, толькі дзякуючы натхненню Духа Святога.

Але ў гэтай сітуацыі мы таксама бачым чалавека, поўнага страху. Такім чалавекам, відавочна, з’яўляецца выбраная Богам Марыя, якая дзякуючы безумоўнай згодзе, дадзенай Богу, а таксама ў выніку жыцця вераю, паводле пераканання Касцёла, з душою і целам пазней была ўзятая ў неба. Несвабодным ад страху з’яўляецца і муж Марыі, Юзаф. Як чалавек ён таксама ахінуты звышнатуральнасцю…

Мы нібы становімся сведкамі паспешнасці Бога. Пан Бог моцна хоча перадаць чалавеку сваё пасланне, запэўніць яго ў сваёй вялікай любові. Таму інфармацыя, якую мы атрымліваем у звеставанні, неверагодна важная, чалавеку нават цяжка прыняць гэта: як жа Бог нас любіць, калі вырашыў ахвяраваць свайго Сына дзеля будучыні чалавека…

Аднак вернемся да сустрэчы Марыі з анёлам. Гэтае здарэнне поўнае сілы і бляску, яно ўпісваецца ў гісторыю чалавецтва як ключавая падзея. Яно ўпісваецца таксама ў агульначалавечую культуру, адбіваецца ў дзейнасці людзей, якія жывуць у розныя часы, і прымушае нас успрымаць гісторыю чалавецтва на зямлі праз прызму Божага плану. Пан Бог аб’яўляецца як Той, хто поўны моцы і сілы, але не выкарыстоўвае насілля, паважае чалавечую волю.

Марыя зачала ад Духа Святога Езуса Хрыста, сапраўднага Чалавека і сапраўднага Бога. Гэтую таямніцу мы называем уцелаўленнем, што азначае прыняцце Богам чалавечай натуры. Калі паглядзім на тое, што адбывалася далей, то ўбачым, наколькі дальнабачныя і захапляльныя Божыя справы…

Добра, калі мы будзем заўважаць, як Бог уваходзіць у чалавечае жыццё. Бог, які з’яўляецца Асобаю і поўны любові. Калі мы гаворым пра любоў, то хочам бачыць чалавечае яе праяўленне: тады яна для нас найбольш зразумелая. Таму мы ўсведамляем, што ўцелаўленне Езуса Хрыста — гэта вялікае аб’яўленне Божай любові да нас. Незвычайнасць гэтай падзеі бачна ўжо ў самым пачатку Хрыстовага прыйсця ў свет, а менавіта ў сцэне звеставання. Дзякуючы Марыі чалавецтва стала сведкам гэтай Божай любові: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

У звеставанні Пана заключана таксама вялікая філасофія чалавека, які ўспрымае сябе ў Сусвеце не як выпадковае быццё, а як Божае стварэнне, што мае вобраз і падабенства самога Стварыцеля, адораны розумам і перш за ўсё — любоўю.

Кс. Ірэнэюш Скубісь

Сістэма Orphus