Пятніца, Лістапад 17, 2017

Бацькоўская любоў

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Артыкулы

Адной з асаблівых формаў любові да бліжняга з’яўляецца любоў бацькоў да ўласных дзяцей. Гэтая любоў глыбока ўкаранёная ў сэрцы чалавека.

Старазапаветныя апавяданні простыя, але яны перадаюць глыбокае вучэнне. У апісанні стварэння чалавека ў першым раздзеле Кнігі Быцця паказана, што чалавек быў створаны паводле вобразу Божага, больш за тое, падкрэсліваецца агульная прырода мужчыны і жанчыны і робіцца ўпор на Божым дары плоднасці, што дазваляе людзям, як і іншым жывым стварэнням, перадаваць жыццё і размнажацца. У далейшым апісанні прыводзіцца прыгожае бачанне еднасці мужчыны і жанчыны ў сужэнстве. Тут яшчэ не ідзе гутарка пра бацькоўства, хіба што мы падумаем пра самога Стварыцеля, бо менавіта Ён у гэтым апавяданні з’яўляецца прыкладам любові і клопату ў адносінах да тых, каго паклікаў да жыцця. Ён падрыхтоўвае для чалавека сад, забяспечвае яго вадою і ежаю, дае мужчыне спадарожніцу жыцця. Але Бог таксама прызначае чалавеку заданні і працу, каб ён апрацоўваў сад. Ставіць перад ім абмежаванне ў форме забароны спажываць плады з аднаго дрэва. Тут мы бачым прыклад сталага бацькоўства, якое не толькі выяўляе клопат пра дзяцей, але і ставіць перад імі патрабаванні і абмежаванні.

Бог як «Айцец» перажывае таксама досвед непаслухмянасці «сваіх дзяцей», якія ідуць за голасам вужа-спакушальніка і адпрэчваюць любоў і дабрыню Бога. Як адно з наступстваў першароднага граху боганатхнёны аўтар падае «вялікую скруху ў цяжарнасці» і «боль пры нараджэнні дзяцей». Значыць, аўтар меркаваў, што «на пачатку» так не было, што ўпісанае ў стваральныя планы Бога бацькоўства не мела «заганы» скрухі і цярпення.

У гісторыі пра патрыярха Абрагама паказаны чалавек, які на працягу многіх гадоў чакае выканання Божага абяцання пра нараджэнне сына яго жонкаю Сараю. Ён спрабуе справіцца з гэтым па-свойму: ці праз нараджэнне сына нявольніцаю, ці праз прызначэнне ў якасці спадчынніка слугі, але ўрэшце ў сваёй старасці ён дачакаўся патомка ад Сары. Іх сын Ісаак таксама сутыкнецца з сітуацыяй бясплоднасці сваёй жонкі Рэбэкі, але будзе маліцца за сваю жонку, і Бог выслухае яго. Падобную сітуацыю мы бачым у сям’і патрыярха Якуба. Імкненне да бацькоўства ў патрыярхаў вынікала з прычынаў, актуальных да сённяшняга дня: жадання працягнуць свой род, патрэбы ў працоўных руках і магчымасці перадаць набытак свайго жыцця ў рукі спадчынніка. Яны таксама, як і многія сужэнствы ў наш час, перажывалі праблему бясплоднасці, што станавілася перашкодаю для рэалізацыі бацькоўства, пра якое яны марылі. Хоць, найверагодней, перш за ўсё згадка пра бясплоднасць была нагодаю падкрэсліць цудатворнае дзеянне Бога, якое суправаджала прыйсце ў свет патомкаў патрыярхаў і адначасова рэалізацыю Божага абяцання, дадзенага Абрагаму.

У гісторыях пра патрыярхаў мала гаворыцца пра пачуцці бацькоў у адносінах да дзяцей, тым не менш ёсць цудоўнае, драматычнае апавяданне пра Абрагама, які быў паддадзены Божаму выпрабаванню і павінен быў ахвяраваць свайго любімага сына.

Дзяцей чакалі і прымалі як дар. Ізраэль не ведаў практыкі абортаў і прынашэння дзяцей у ахвяру для Ягвэ. Ахвяраванне дзяцей з’явілася ў язычніцкіх культах, якія рашуча асуджалі прарокі.

Ізраэль памятаў таксама пра варварства, якое спазнаў у Егіпце, калі па загадзе фараона акушэркі павінны былі забіваць усіх нованароджаных дзяцей мужчынскага полу, а жыццё пакідаць дзяўчынкам. Рызыкуючы жыццём, ізраільцяне ратавалі хлопчыкаў ад смерці. Калі ўжо іншыя знакі не дапамагалі, як крайнасць паслужыла смерць першародных сыноў егіпцянаў, бо бацькоўская любоў перажывае найцяжэйшыя хвіліны, калі бацькі становяцца сведкамі смерці сваіх дзяцей.

Аднак часам нават жыццё дзяцей можа быць прысвечана абароне большых вартасцяў, веры і незалежнасці.

Згодна з запаведдзю любові, цнота любові — найважнейшая сярод іншых цнотаў, яна ахоплівае сабою як любоў да Бога, так і любоў да бліжняга. Адной з асаблівых формаў любові да бліжняга з’яўляецца любоў бацькоў да ўласных дзяцей. Гэтая любоў глыбока ўкаранёная ў сэрцы чалавека, аднак сучасная «цывілізацыя смерці» вельмі моцна падарвала яе праз крызіс каштоўнасцяў сужэнства і сям’і, уцёкі ад цяжару бацькоўства або рэчыўнае ўспрыняцце нараджэння дзіцяці.

А. Міхал Бараноўскі

Сістэма Orphus