Серада, Снежань 19, 2018

У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам”

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Навіны

Яе арганізавалі каталіцкае дабрачыннае таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі і парафія Святой Тройцы ў Глыбокім, дзякуючы падтрымцы спонсараў і працы валанцёраў.

Мэта мерапрыемства – нагадаць грамадству пра праблемы інвалідаў і іх правы. Удзел у ім прынялі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх апекуны і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў як з Глыбокага, так і з усёй Віцебскай дыяцэзіі.

Па традыцыі, спачатку ўдзельнікі сабраліся ў касцёле, дзе іх прывітаў мясцовы пробашч кс. Мікалай Ціхановіч. Ён заклікаў усіх, незалежна ад канфесіі і веравызнання, разам прачытаць малітву за спонсараў і валанцёраў, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне гэтага мерапрыемства.

Затым адбылося ўрачыстае шэсце ад касцёла да гарадскога Дома культуры, дзе і адбылася асноўная частка святочнай праграмы.

Як выказаўся дырэктар “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч, які прысутнічаў на гэтай акцыі:

- Такія мерапрыемствы даюць цяпло ў адносінах паміж людзьмі, цяпло, што сыходзіць ад чалавека, цяпло, якое перамагае, якое сыходзіць ад нашых сэрцаў. І на такіх мерапрыемствах мы павінны вучыцца дабрыні ад тых людзей, што сёння тут прысутнічаюць.

Свята распачалося ў танцавальнай зале, дзе ўдзельнікаў чакалі гульні і танцы. Таксама ўдзельнікаў чакаў стол з пачастункамі, які быў накрыты ў зале. А напрыканцы праграмы ўдзельнікі атрымалі маленькія памятныя падарункі.

Пакуль валанцёры і госці весяліліся ў танцавальным зале, святары і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў прынялі ўдзел у Круглым стале, дзе абмеркавалі праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і стаўленнем да іх нашага грамадства і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

- У трэці раз арганізоўваючы такое мерапрыемства, я пераканаўся, наколькі яшчэ наша грамадства не ўсведамляе важнасці прыняцця ў соцыум людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта вельмі відавочна. На вуліцах нашых гарадоў мы мала бачым нашых інвалідаў, часамі здаецца, што ў нас няма такіх людзей у краіне, што такіх людзей адзінкі. А на самай справе гэта немалы адсотак людзей, - падзяліўся сваімі думкамі кс. Мікалай Ціхановіч.

На думку пробашча Глыбоцкай парафіі, правядзенне падобных акцый прыносіць карысць як чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі, так і самому грамадству:

- Такія мерапрыемствы заўсёды працуюць на два бакі. Мы прыносім карысць перадусім гэтым людзям, каб яны разумелі, што імі нехта цікавіцца, што яны таксама людзі, што яны маюць права быць на мерапрыемствах, удзельнічаць у канцэртах, развіваць свае таленты. Яны могуць сустракацца, каб пабыць разам і адчуваць гэту цеплыню чалавечых сэрцаў. Гэта ў першую чаргу робіцца для іх. Але таксама мы хочам абудзіць свядомасць грамадства, іншых здаровых людзей, што гэтыя людзі ёсць сярод нас. Я заўсёды нагадваю, што кожны здаровы чалавек у любы момант можа аказацца інвалідам або чалавекам, падобным яму.

Святары лічаць, што як мясцовыя ўлады, так і ўсё наша грамадства мала цікавіцца праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, таму што ў нас яшчэ шмат перажыткаў савецкай сістэмы. Тады лічылася, што чалавек цікавы для грамадства, для дзяржавы толькі тады, калі ён можа прыносіць яму нейкую карысць. І гэта закаранілася ў свядомасці людзей і да гэтай пары не знікла. Касцёл жа разглядае чалавека як асобу, што створаная на вобраз Божы, якая мае несмяротную душу, розум і свабодную волю.

- Не чалавек для грамадства, але грамадства для чалавека павінна быць. Дзяржава павінна служыць чалавеку, а не наадварот. І трэба яшчэ шмат часу, каб мы гэта ўсвядомілі. Пакуль мы не дойдзем да хрысціянскай свядомасці, што чалавек гэта асоба якая мае свае правы, сваю волю, сваю годнасць, гэта не зменіцца, - адзначыў кс. Мікалай і дадаў, што не ведае, колькі часу для гэтага трэба, але нам трэба да гэтага імкнуцца.

Нам усім, і грамадству, і прадстаўнікам улады, і самім людзям з абмежаванымі магчымасцямі трэба пазбаўляцца савецкай ментальнасці, калі інвалідаў хавалі па дамах і кватэрах, вучылі ў спецыяльных закрытых школах, гэтых людзей змяшчалі ў спецыяльныя закрытыя ўстановы. У выніку складаецца ўражанне, што такіх людзей у нас вельмі мала і праблема як такая, не стаіць востра. І самім бацькам і апекунам не трэба саромецца гэтых людзей, а часцей бываць з імі ў грамадскіх месцах.

Кіраўнік “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч адзначыў:

- На жаль, наша грамадства крыху далёка ад гэтага ўсяго. Мы больш увагі аддаём культуры фізічнай, прыгажосці знешняй, бо грамадства хоча бачыць гэтыя рэчы. А роля Касцёла, асоб духоўных – паказаць унутраны свет чалавека, яго душэўную прыгажосць. Вельмі часта тыя людзі, што могуць аказаць дапамогу, далёка ад гэтых праблемаў. Таму наша роля – паказаць гэтыя праблемы, звярнуць на іх увагу, данесці іх да грамадства і да прадстаўнікоў улады. Паказаць, што гэта такія самыя людзі, якія патрабуюць цеплыні і дабрыні. Бо добрая справа гаварыць пра ўсё гэта, а зусім іншая – дакрануцца рукой да гэтых праблемаў.

Пасля абеду, які адбыўся ў другой сярэдняй школе, удзельнікі акцыі зноў сабраліся разам у Доме культуры, на гэты раз у глядзельнай зале, дзе іх чакаў канцэрт. Яго разам падрыхтавалі супрацоўнікі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта яшчэ раз пацвердзіла галоўны дэвіз мерапрыемства: “Мы разам!” Гледзячы на нумары, што былі падрыхтаваныя людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, было вельмі цяжка пагадзіцца з гэтай назвай. Яны выступалі як сапраўдныя артысты.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак ад ксяндза Андрэя новы каляндар на 2019 год, які прысвечаны 20-цігадоваму юбілею Віцебскай дыяцэзіі.

Хочацца спадзявацца, што пасля гэтай акцыі наша грамадства будзе больш звяртаць увагі на праблемы такіх людзей, і падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца не адзін раз на год і не толькі ў Глыбокім. А праз год Глыбокае зноў збярэ гэтых людзей і, магчыма, за гэты час хоць нейкую частку сённяшніх праблем удасца вырашыць.

Зміцер Лупач, catholicnews.by


У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам” У Глыбокім у сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя “Мы разам”
 

Сістэма Orphus