Чацвер, Лістапад 14, 2019

Яшчэ тры дзіцячыя цэнтры Caritas адкрылі ў Віцебскай дыяцэзіі

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Навіны

Дзякуючы праекту “Утварэнне і функцыянаванне інтэграцыйных святліц для дзяцей на Беларусі”, рэалізаванаму дзякуючы Caritas Polska i праграме Польская дапамога Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ў 2019 годзе ў Віцебскай дыяцэзіі адкрыліся тры новыя святліцы: пры катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, у Браславе і Глыбокім.

У памяшканнях праведзены рамонт, закуплена неабходнае абсталяванне, тэхніка, мэбля, посуд, неабходныя канцтавары, матэрыялы для заняткаў.

Сястра Дар’я Галубкова, якая займаецца такімі праектамі ў Віцебскай дыяцэзіі, выказала падзяку ўсім партнёрам і ахвярадаўцам, без каторых гэты праект быў бы немагчымы, і адзначыла, што святліца прызначаная не толькі для катэхезы, але і для іншых заняткаў, у тым ліку інтэграцыйных, куды змогуць прыходзіць дзеці з інваліднасцю, дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, але і не толькі.

Святліцы ўжо працуюць з верасня, а з дзецьмі займаюцца мясцовыя выхавацелі і валанцёры, якія прайшлі адмысловую падрыхтоўку. Заняткі вельмі разнастайныя: ад музыкі да кулінарыі. Напрыклад, у Віцебску праходзяць заняткі па інклюзіўных танцах. Таксама праводзіцца катэхеза, ёсць магчымасць зрабіць хатняе заданне, пагуляць, магчымасць інтэграцыі дзяцей паміж сабой. У святліцах трывае хатняя атмасфера.

Нагадаем, што ў мінулым годзе падобныя дзіцячыя цэнтры Caritas былі адчыненыя ў Лепелі і Мёрах.

Дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч адзначае, што дадзеныя святліцы створаныя для таго, каб дзеці маглі прыходзіць сюды пасля школы, пабыць разам, каб маглі адчуць сябе як дома (для гэтага зроблена кухня), каб ім было тут утульна. Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

с. Дар'я Галубкова OV


 

Сістэма Orphus