Нядзеля, Верасень 24, 2017

Гісторыя

Дабрачынная дзейнасць Каталіцкай Царквы з самага пачатку адбывалася ў парафіях. Пазней важнейшую ролю ў гэтым адыгралі манаскія ордэны і кангрэгацыі. Свецкія дабрачынныя аранізацыі ўзніклі ў XIX стагоддзі.

Стварэнне «Карытас» звязана з публікацыяй у 1891 годзе Рымскім Папам Львом XIII энцыклікі «Rerum Novarum», якая надала моцны імпульс шырокай сацыяльнай дзейнасці Каталіцкай Царквы. Для каардынацыі дзейнасці сакратар арцыбіскупа святар Лорэнц Вертман ў 1897 годзе арганізаваў у Германіі першы дыяцэзіяльны каардынацыйны цэнтр, названы «Карытас». Першапачаткова аснову дзейнасці складала дапамога італьянскім сезонным рабочым, гэта называлі «нясеннем службы caritas pastoralis (пастырскай міласэрнасці)».

Пазней назва «Карытас» распаўсюдзілася на ўсе падобныя віды служэння і на ўсе арганізацыі падобнага кшталту, якія пачалі з’яўляцца і ў іншых краінах. Пасля Другой сусветнай вайны нацыянальныя Карытас дзейнічалі практычна ў кожнай краіне Еўропы і Амерыкі. Для каардынацыі іх дзейнасці ў 1950 годзе ў Ватыкане была створана міжнародная канфедэрацыя «Caritas Internationalis», якая з’яўляецца членам Канферэнцыі міжнароднай каталіцкай арганізацыі і Папскага савета «Cor unum», якая мае кансультатыўны статус у ЮНЕСКО і іншых арганізацыях ААН, Савеце Еўропы і Арганізацыі афрыканскага адзінства. 

15 снежня 1999 года — Яго Эксцэленцыя Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін неўзабаве пасля стварэння дыяцэзіі выдае Дэкрэт аб арганізацыі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі.

15 сакавіка 2000 года — Карытас Віцебскай дыяцэзіі зарэгістраваны ў Дзяржаўным камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. На пачатку сваёй дзейнасці офіс таварыства месціўся ў г. Наваполацку.

Першымі праектамі былі:

  • атрыманне і размеркаванне гуманітарных грузаў;
  • аздараўленне дзяцей за мяжою;
  • дабрачынныя сталовыя ў гарадах Наваполацк і Глыбокае;
  • Калядныя і Пасхальныя акцыі.
2001 год — дыяцэзія набыла для патрэбаў Карытас памяшканне ў г. Віцебску. Дзейнасць арганізацыі пашыраецца.

Цяперашні час — Карытас пры фінансавай падтрымцы грамадзян Рэспублікі Беларусь і замежных партнёраў ажыццяўляе супрацоўніцтва з тэрытарыяльнымі цэнтрамі па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, з дзіцячымі дамамі і прытулкамі, дамамі састарэлых, бальніцамі, з грамадскімі арганізацыямі, аказвае індывідуальную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Сістэма Orphus